Катэгорыя навучэнцаў: навучэнцы 1 – 2 курсаў.
Адзенне з’яўляецца важным этнічным і сацыяльным паказчыкам. Яно выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі. Адзенне адлюстроўвае дух эпохі, пануючы стыль і моду, індывідуальны густ, пачуцце меры, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча.
У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей яно падзяляецца на мужчынскае і жаночае (можна вылучыць дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе паўсядзеннае і святочнае.
Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна – лен, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура і інш. У якасці фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну. Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму народнага адзення, – чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая).
Мужчынскае адзенне.У тыповым варыянце традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгая, амаль да каленяў, кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага (белага) колеру; галаўны ўбор – валеная з воўны або пашытая з сукна шапка (магерка), у зімовую сцюжу – вушанка (аблавуха) з аўчыны; асноўны абутак – лапці, часцей лыкавыя, больш заможныя па святах насілі скураныя боты.
З’яўляючыся неабходным элементам беларускага адзення, паясы адыгрывалі важную ролю ў звычаях і абрадах. Іх даравала нявеста свайму выбранніку напярэдадні і ў час вяселля, іх бралі з сабой, ідучы ў адведкі да парадзіхі, імі спавівалі нованароджаных і гадавалых дзяцей, іх ахвяравалі царкве, яны выкарыстоўваліся як рытуальныя атрыбуты ў час гаданняў, замоў, заклінанняў. Паясы вызначаліся вялікай разнастайнасцю, адрозніваючыся сваімі памерамі, наяўнасцю дадатковых дэталяў, узорным арнаментам, спосабам вырабу.
Жаночае адзенне. У тыповым варыянце традыцыйны жаночы комплекс складалі доўгая палатняная кашуля (сарочка), спадніца, фартух, безрукаўка. Кашулямела просты свабодны крой. Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатым вышываным ці тканым арнаментам на плячах, манжэтах рукавоў, каўнерыку, радзей – па ворату і падолу. Спадніца адносіцца да паяснога жаночага адзення. Неабходным кампанентам традыцыйнага жаночага ўбору быў фартух(хвартух, пярэднік, запаска). Яго рабіліся нярэдка з шарсцяной тканіны. Безрукаўка (камізэлька, шнуроўка, кабат, гарсэт, кітлік) зашпільвалася на гузікі ці шнуравалася па ворату, шчыльна аблягаючы жаночы стан. Верхняе (зімовае) адзенне жанчын нязначна адрознівалася ад мужчынскага. Світы, буркі, кажухі, шубы, насовы, кажушкі, сярмяжкі – усе гэтыя віды верхняга адзння ў аднолькавай ступені былі ўласцівы як мужчынам, так і жанчынам.
Галаўныя ўборы.Найбольш старажытныя ўборы мужчын– суконная ці футравая шапка сферычнай формы, у жанчын – чапец, дзяўчаты, апрача чэпчыкаў, насілі вянок. У ХVІІІ – ХІХ стст. найбольш пашыранымі галаўнымі ўборамі мужчын былі зімовыя аблавухі і шапкі-магеркі. У летнюю пару насілі капелюшы, ці брылі, якія плялі з саломкі, ліпавых валокнаў ці валялі з воўны, як і магеркі. Яны мелі шырокі аколыш і ўпрыгожваліся ўнізе дэкаратыўнай акаемкай. У канцы ХІХ ст. распаўсюдзіўся картуз (фуражка), крыху пазней – кепка, якая бытуе да нашага часу.
Асаблівай разнастайнасцю вызначаліся галаўныя ўборы жанчын, сярод іх – наміткі, чапцы, хусты, вянкі, галавачкі і інш. Замужнія жанчыны не маглі з’яўляцца ў грамадзе з непакрытай галавой, без наміткі, баючыся апраставалосіцца перад людзьмі. Уборам незамужніх дзяўчат была і скіндачка, што рабілася з кужэльнага палатна і мела больш вузкую сярэднюю частку і шырокія канцы.
Абутак. Найбольш пашыраным паўсядзенным абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з ліпы, лазы, пяньковых ці льняных вяровачак (аборкі). Лапці насілі разам з ільнянымі анучкамі, якімі абгортвалі нагу амаль да калена і замацоўвалі аборкамі ці рамянямі, што прапускаліся праз вушкі лапцей. Апрача плеценых, ужываліся і скураныя лапці – пастолы, вядомыя са старажытных часоў.У святочныя дні, асабліва калі ішлі ў царкву ці ехалі ў мястэчка на кірмаш, надзявалі боты (ці чобаты). Звычайна яны мелі высокія халявы (галянішчы), якія падкрэслівалі маемасны цэнз уладальніка, іх шылі па заказу ў майстроў-шаўцоў.
Беларускі традыцыйны касцюм
Катэгорыя навучэнцаў: навучэнцы 1 – 2 курсаў.
Касцюм – тая частка духоўнага і матэрыяльнага свету, у якім найбольш ярка выяўляюцца этнічныя асаблівасці. Кожны народ стварае яго ў адпаведнасці са сваімі эстэтычнымі і этычнымі прадстаўленнямі. Пасля мовы касцюм можа служыць важнай этнічнай прыкметай. Адзенне належыць да найбольш яркіх элементаў матэрыяльнай культуры беларусаў, захаваўшае свае асаблівасці на працягу стагоддзяў, нягледзячы на сацыяльны і іншаземны прыгнёт і знешні культурны ўплыў суседзяў.
Традыцыйнае адзенне кожнага народа выяўляе асаблівасці яго этнічнага паходжання, геаграфічных, эканамічных і культурных умоў жыцця. На працягу стагоддзяў фарміраваліся лакальныя комплексы традыцыйныга касцюма – сукупнасць нацельнага, плечавога і пояснога адзення, дапоўненага галаўным уборам, абуткам і аксесуарамі. У Беларусі такія комплексы прынята называць строямі. На састаўныя часткі строяў і іх знешні выгляд значна ўплывалі светапогляд народа, нормы народнай этыкі, а таксама эстэтычныя густы насельніцтва, якія паступова мяняліся ў выніку сацыяльна-эканамічных змен і культурнага ўзаемадзеяння з іншымі народамі.
Беларускі традыцыйны касцюм не быў нейкім статычным элементам матэрыяльнай культуры, ён развіваўся на працягу стагоддзяў. Канчаткова традыцыйны касцюм сфарміраваўся ў канцы ХІХ – пачатаку ХХ стагоддзя, у ім найбольш яскрава праявілася ўсё майстэрства народа і яго эстэтычныя густы.
У беларусаў, якія з даўніх часоў займаюцца земляробствам і развядзеннем хатняй жывёлы, асноўнай сыравінай для адзення са старажытнасці і амаль да нашага часу былі валокны ільну, канопель, скура і воўна жывёл.
На сваіх палосах сяляне вырошчвалі лён, каноплі, апрацоўвалі іх: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Увесь працэс апрацоўкі сыравіны ад пачатковых стадый да вырабу гатовых прадметаў адзення праходзіў у хатніх умовах. У хатніх умовах афарбоўвалі ніткі і тканіны, а таксама апрацоўвалі воўну і скуру, з якіх шылі верхняе адзенне, галаўныя ўборы, некаторыя віды скуранога абутку. Жаночае і мужчынскае адзенне шылі самі сялянкі – вялікія майстрыхі ў гэтай справе. Сістэму касцюма ствараюць не проста адзіныя ці падобныя па стылю, а працуючыя на мастацкую вобразнасць элементы, іх структура. У гэты лік уваходзяць: сукенкі, упрыгожанні, абутак, прычоскі, грым, аксесуары, прадметы верхняга адзення, галаўныя ўборы.
Народнае адзенне беларусаў не было паўсюдна аднолькавае. Існавала вялікая колькасць рэгіянальных асаблівасцей яго афармлення, якія выяўляліся ў дэкаратыўным, канструктыўным і колеравым вырашэнні, прапарцыянальных суадносінах частак адзення. Адзенне кожнага з рэгіёнаў Беларусі вызначалася сваімі асаблівасцямі крою, дэкору, выбару матэрыялу, спосабам нашэння і захавання архаічных рыс.
Колерная гама беларускага народнага адзення даволі багатая. Яна спалучае ў сабе самыя розныя колеры: сіні, блакітны, фіялетавы, карычневы, белы, чырвоны, чорны. Аднак дамінаванне апошніх трох колераў відавочнае. Бела-чырвона-чорная дамінанта беларускага народнага касцюма вылучалася не толькі гістарычна, яна была выклікана і той сыравінай, што ішла на выраб тканіны і паўплывала на яе колер, і тымі фарбавальнікамі, якія выкарыстоўваліся для афарбоўкі тканін.
Сярэднекантынентальны клімат беларускага краю вымагаў адносна цёплага і закрытага адзення. Ніткі і тканіны фарбаваліся прыроднымі фарбавальнікамі – настоямі траў, кары, лісця, шышак, балотнай жалезнай рудой. Ільняныя тканіны, з якіх вырабляліся кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі арнаментам, які рабілі натыканнем ці вышыўкай. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а нанесены з дапамогай арнаменту на каўнер, разрэз пазухі, ніз кашулі служыў засцерагальным знакам. Ён жа адыгрываў істотную кампазіцыйную ролю, абядноўваючы часткі адзення ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць уласціва суконным і паўсуконным тканінам адзення, якое падпяразваецца, а таксама поясу. Тут вышыўка амаль што адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў, смеласцю іх спалучэнняў – чырвоны, зялёны, сіні, белы.
Каларыт мужчынскага адрозніваўся ад жаночага. Мужчынскі касцюм меў сціплае аздабленне. У ім пераважаў белы колер, а чырвонае ці чырвона-чорнае аздабленне ўпрыгожвала каўнер, пазуху, падол кашулі, часам верх і ніз рукавоў. Штаны ўвогуле былі аднатонныя: шэрыя, крычневыя, сінія. Самай маляўнічай часткай мужчынскага касцюма быў рознакаляровы пояс з кутасамі. Найбольшага ўзлёту фантазіі і майстэрства ў аздабленні беларускае адзенне дасягнула ў жаночым касцюме. У аздабленні святочнага адзення гарманічна спалучаліся ткацтва, вышыўка, карункапляценне, аплікацыя, набойка.
Па якасці палатна на святочных сарочках, спадніцах, фартухах, гарсэціках, іх мастацкаму аздабленню аднавяскоўцы меркавалі аб майстэрстве і працавітасці дзяўчыны, яе прыгоднасці да сямейнага жыцця, і, ўрэшце, ад гэтага залежалі ў многім адносіны да яе з боку сябровак і суседзяў. Па традыцыі, у беларусаў з дзяцінства дзяўчынак вучылі прасці, вышываць, пазней – ткаць. З 12 – 13 гадоў яны пад кіраўніцтвам маці пачыналі рыхтаваць сабе пасаг.
Жаночае адзенне. Асновай жаночага комплексу адзення сялянак была кашуля, якая мела некалькі назваў: «сарочка», «кашуля», «рубаха», «рубашка». На ўсёй тэрыторыі Беларусі найбольшае пашырэнне ў ХІХ – другой палове ХХ ст. мела назва «сарочка», якая зяўляецца агульнаславянскім тэрмінам і абазначае адзін і той жа прадмет касцюма. Тэрмін «кашуля» таксама мае шырокае распаўсюджанне і, па меркаванні беларускіх этнографаў, займае даволі шырокую паласу цэнтральнай Беларусі . «Кашуляй» сяляне называлі сарочку верхнюю, якую насілі са спадніцай ці андаракам. Як правіла, яна была з доўгімі рукавамі. «Сарочкай», як і пазней у ХІХ – ХХ стст. называлі таксама сподняе плечавое адзенне крыху іншага крою, якое магло быць і з кароткімі рукавамі, без каўняра. Тым не меней абедзве назвы, як ужо адзначалася, абазначалі пераважна аднолькавае адзенне.
Асноўным матэрыялам для шыцця кашулі да 20-ых гг. ХХ ст. была льняная, двухнітовая «даматканка» з гладкай паверхняй палатнянага перапляцення («простае тканнё»), якасць якой, нягледзячы на аднатыпнасць сыравіны, была рознай («кужаль», «зрэбе» і інш.) і залежала ад прызначэння палатна, рэгіянальных і часавых традыцый. Па ўсёў Беларусі вылучаліся тры гатункі палатна: тонкае («кужаль», «вярхоўе»), сярэдняе («сяродкавае») і грубае («зрэбе», «таўстаніна», «дзяружына», «спуск», «абдзіркі»).
Кужэльныя кашулі былі даражэй за іншыя і выкарыстоўваліся сялянамі як святочнае адзенне. Святочныя кашулі шыліся пераважна суцэльнымі з тонкага ці сярэдняга гатунку палатна, якое ткалі з лепшых гатункаў ільнавалакна. Грубае палатно выкарыстоўвалі на «падтачку» кашулі.
Найчасцей кашулю шылі з доўгімі рукавамі. Шырыня і даўжыня рукава ў многім залежалі ад прызначэння кашулі. Шырокі («вольны») і доўгі рукаў упрыгожваў святочную кашулю, але быў нязручны для працы. Шырыня рукава залежала і ад шырыні палатна. Шырыні аднаго палотнішча часта не хапала, а таму, як правіла, для расшырэння проймы ўстаўлялі невялікія клінкі трохвугольнай, квадратнай ці ромбавіднай формы, уверсе пад рукаў, радзей – кліны на ўсю даўжыню рукава. Устаўка пад рукаў мела лакальныя назвы: «цвікля», «цвэгель», «клінок», «падрушнік», «ластавіца» і інш. Унізе рукава збіралі ў «заборы», і да яго прышывалі манжэты («манкеты», «каўнерцы», «каўнерыкі», «чохлы», «абшляг», «рукавашы») вузкай («у 2 пальцы») двайной палоскай палатна. У асобных месцах традыцыйна шылі кашулі з шырокімі манжэтамі, да якіх прышывалі карункі або валан («фальбонка», «брыжыкі», «брыжы» і інш.) ці ніз шырокага рукава проста збіралі на зборку на 10 см ад краю. Гэта былі святочныя кашулі. Манжэты палатнянай кашулі рабілі і з іншай (пакупной) тканіны.
Абавязковая прысутнасць вышыванага і тканага дэкору на рукавах жаночых і мужчынскіх кашуль ва усходніх і іншых народаў мела ў мінулым значэнне абярэга і адначасова павінна была садзейнічаць павышэнню працаздольнасць рукі.
Лакалізацыя вышыўкі на каўняры, падоле, нагрудным разрэзе, швах, уздоўж швоў аднадушна тлумачыцца даследчыкамі як своеасаблівая сістэма ахоўных знакаў, неабходных у тых месцах, якія ўяўляліся найбольш небяспечнымі для пранікнення духаў зла.
Святочныя кашулі сялянкі ў ХІХ – сярэдзіне ХХ ст. вельмі прыгожа вышывалі. У другой палавіне ХІХ – пачатку ХХ ст. вышыўка дасягнула найвышэйшага росквіту, увасобіўшы яркія нацыянальныя рысы, рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці і захавала найстаражытнейшыя агульнаславянскія арнаментальныя пласты.
Спачатку сарочка з вышытым каўняром, манжэтамі, манішкай, «палікамі» і рукавамі ці затканая расліным або геаметрычным арнаментам была вясельнай вопраткай дзяўчыны, зверху якой надзявалі андарак ці спадніцу з фартухам. Пасля, у першай палавіне ХХ ст., на змену ёй прыходзіць блузка, сукенка, пашытая з пакупной тканіны.
Асаблівасці крою паяснога адзення і адметнасці, якія набывае касцюм у залежнасці ад складу частак, зяўляюцца прынцыповай і важнай адзнакай характарыстыкі лакальна распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі тыпавых варыянтаў. На гэтай падставе ўстанаўліваецца некалькі асноўных базавых комплексаў традыцыйнага касцюма: жаночы комплекс, у які ўваходзіць паясное адзенне з нясшытых палотнішчаў тканіны (напрыклад, калышка, панёва), з саянам, шубейкай і сабранай па таліі спадніцай, якая мела розныя назвы.
Панёва мае адметнасці не толькі дэкаратыўныя, але і канструкцыйныя. На Беларусі сустракаецца адзін з варыянтаў у выглядзе напалавіну сшытага прамавугольніка каля 120 см даўжынёй. Тканіна перагіналася папалам, фіксавалася на поясе так, што нясшытыя часткі звісалі з бакоў, утвараючы так званыя «крылы». Рознілася спосабамі драпіравання на фігуры.
У спадніцы з некалькіх точаў захаваліся некаторыя адзнакі структуры гэтых больш ранніх элементаў. Так, паміж полкамі спераду ўстаўляўся кавалак, які адрозніваўся дэкорам і часта колерам. Некалькі падоўжаных полак сшывалася вертыкальна. Колькасць точаў стварала абём. На Беларусі мелі распаўсюджванне шырокія ў 3 – 5 полак спадніцы. Існавалі спадніцы і з гарызантальным швом, так званыя папярэчкі.
Па таліі спадніцы збіраліся ў зборкі, прышываўся пояс або матуз. Па нізу таліі зборкі фіксаваліся – гэтым дасягалася шчыльнае абляганне. Ад бёдраў уніз складкі разыходзіліся, раскрываючы ўвесь абём.
Такой была універсальная канструкцыя, на аснове якой нараджаліся розныя па абліччу рэгіянальныя варыянты жаночага паяснога адзення. Іх асаблівасці можна вызначыць па дэкору, агульным колеравым рашэнні, нюансах у кроі і дэталях, па матэрыялу.
Паясное адзенне, пашытае з добраякаснага матэрыялу і «спецыялістам» (заезжым ці мясцовым майстрам), называлі андаракамі. Андарак звычайна шылі з воўны, так называліся і спадніцы са змешаным валокнаў. Найбольш характэрнай расфарбоўкай андаракаў зяўляецца разнакаляровая клетка ці палоска. Часцей за ўсё па чырвоным фоне андарака ткаліся вертыкальныя палосы зялёнага, сіняга, белага колераў. Сустракаліся вішнёвыя і чорныя андаракі ў зялёную, жоўтую, чырвоную, сінюю палоску. Былі андаракі і ў папярочную палоску і ў клетку яркай расфарбоўкі – белыя, чорныя, чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя клеткі.
Калі паясное адзенне мела просты крой, які вызначаўся шырынёй палатна, то нагрудная частка касцюма, вядомая таксама пад назвамі гарсэт, кабат, камізэлька, станік, лейбік, кітлік, нагруднік, каптан, шнуроўка, шылася ўжо на аснове крою з улікам анатамічных асаблівасцей фігуры. Лініі проймы, гарлавіны мелі складаную канфігурацыю, па таліі падганяліся да фігуры з дапамогай вытачак, уводзіліся дэталі, выкраеныя «па касой ніці» і падкрайныя. Шыліся з даматканых і крамных тканін, гладкіх і з малюнкам (звычайна расліннага характару). Сістэматызаваць іх можна па функцыях: адзяваліся ў якасці нацельнага прадмета і нагруднай часткі касцюма.
Безрукаўкі шыліся з сукна, паркалю, парчы, аксаміту, каленкору чорнага, чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, былі аднатонныя гладкія, з тканым раслінным маляўнічым арнаментам, з набіўным малюнкам і з роспісам.
У комплекс традыцыйнага касцюма уваходзіў таксама фартух. Ён надзяваўся на спадніцу спераду, завязваўся па таліі. Па крою уяўляў прамавугольны кавалак тканіны (у адну, дзве, дзве з паловай, тры шырыні). Быў актыўнай часткай кампазіцыйнага рашэння лакальных варыянтаў традыцыйных комплексаў. Захоўваліся розныя формы ў адпаведнасці з функцыянальнай роллю, якую ён меў. У адных рэгіёнах фартух быў у адну полку шчыльнай суконнай тканіны, у другіх складаўся з двух полак ільнянога палатна, злучаных дэкаратыўным швом, і лінія злучэння частак размяшчалася на фігуры пасярэдзіне спераду. Фартух часта рабiся з фальбонай па нiзу, шырыня гэтай дэталi магла быць вузкай (5 см) i шырокай (фальбона займала палавiну ўсёй даўжынi). Уверсе фартуха закладвалiся зборкi або трупы складак i прышываўся пояс, каўнерык. На канцы пояса мацавалiся ромбападобныя каляровыя кавалкi матэрыі. Упрыгожвалi стужкамi, гарызантальнымi радамi неглыбокiх складак, прошвамi, карункамi, аплiкацыямi. Вузкiя, з адной полкi тканiны фартухi закрывалi спаднiцу толькi спераду. Шырокiмi абгортвалася амаль уся фiгура так, што краi сыходзiлiся ззаду.
На Беларусi пашырана назна фартух (хвартух), але захаваўся ўсходнеславянскi тэрмiн пярэднiк. Яшчэ адна назна запон (запiн) звязваецца
Асобнае месцца ў сістэме святочнага адзення беларусаў займае вясельны касцюм. Ён меў сваі асаблівасці, якія адрознівалі яго ад проста святочнага адзення.
Мужчынская адзенне. Мужчынскае адзенне ў сваім агульным комплексе і ў дэталях меней разнастайная, чым жаночая. Мужчынскі касцюм складаўся з палатнянай кашулі і портак, пашытых з даматканага палатна або сукна ў залежнасці ад пары года. Гэты комплекс дапаўняўся верхняй адзежай, абуткам, галаўным уборам, а таксама ваўняным або раменным поясам, напрананым і па-над кашуляй, і па-над цёплай адзежай. Дадаткам да гарнітура з’яўлялася яшчэ скураная сумачка-каліта, якую насілі на папружцы праз плячо ці на поясе. У такім гарнітуры беларус хадзіў у святочныя і працоўныя дні.
Адметнай яго асаблівасцю было пераважанне белага колеру ва усіх элементах касцюма: белыя кашуля, нагавiцы, хустачкi-шырынкi на шыi, анучы, белыя i шэрыя армякi i свiткi.
Белую палатняную кашулю тунiкападобнага цi палiковага крою насiлi навыпуск. Яна мела адкладны ці стаячы каўнер, прамыя цi сабраныя ля манжэт у дробныя зборачкi рукавы. Святочныя кашулi звычайна шылi са стаячым каўняром, якi зашпiльвалi злева на два гузiкi, што давала магчымасць багата аздабляць вышыўкай манiшку. Акрамя манiшкi, вышыўкай аздаблялi манжэты рукавоў, каўнер i падол кашулi. У сярэдзiне ХIХ ст. вышывалi лiчанай гладдзю, а ў канцы ХIХ – пачатку ХХ ст. паўсюднае распаўсюджванне набыла вышыўка простым крыжыкам чырвонымi баваўнянымi нiткамi з невялiкiм увядзеннем чорнага колеру. Такое аздабленне мужчынскiх i жаночых кашуль паступова склала адну з нацыянальных адметнасцей беларускага традыцыйнага касцюма.
Нешырокiя льняныя штаны з ромбападобнай устаўкай, ушытай у штанiны вугламi, або з двума ўшытымi ззаду клiнамi запраўлялi ў анучы цi боты. Святочныя летнiя штаны такога ж крою ў гэты перыяд шылi ўжо часцей за ўсё з афарбаванага раслiннымi фарбавальнiкамi ў чорны колер iльнянога палатна, або паўсуконнага «шарака» (аснова з белых нiтак, а ўток – з чорных). З правага боку ў iх рабілi праразлую кiшэнь. Зiмовы варыянт шылi з даматканага сукна чорнага або карычневага колеру.
Зверху кашулi мужчыны падпяразвалiся самаробным плеценым цi тканым поясам – вузкiм чырвоным, сiнiм, зялёным з махрамi на канцах на ўсходняй Вiцебшчыне i Магiлёўшчыне i шырокiмi шматколернымi на Гомельшчыне. Сталыя i старыя мужчыны прывешвалi да пояса скураную калiту, але найчасцей проста ў правай кiшэнi штаноў насiлi кiсет з люлькай, тытунем i крэсiвам для высякання агню. Касцюм у некаторых мясцовасцях дапаўняўся камiзэлькай, якая звычайна шылася з даматканага сукна або камбiнавалася з палатном (перад з сукна, а спiнка з палатна).
Такім чынам, да першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. захаваліся выразныя стылявыя асаблівасці народнага касцюма, па якіх устанаўліваецца тэрыторыя шасці асноўных рэгіёнаў распаўсюджанасці іх агульных і асаблівых рыс. Ва ўсіх гэтых рэгіёнах традыцыйнае святочнае адзенне складаецца з аднолькавых частак, але адрозніваецца ў каляровай гаме. Вялікі уплыў на фармаванне святочнага сялянскага адзення аказала гарадская мода, што прывяло да паступовай трансфармацыі і знікнення традыцыйнага святочнага адзення беларусаў.
Мужчынскія і жаночыя галаўныя ўборы беларусаў. У склад поўнага комплекса святочнага касцюма ўвахадзілі і галаўныя ўборы, якія былі вядомы ўсходнеславянскім народам з глыбокай старажытнасці. Яны адрозніваліся вялікай разнастайнасцю, у кожным рэгіёне Беларусі існавалі свае своеасаблівыя галаўныя ўборы. Розныя віды галаўных убораў зяўляюцца адзнакай рэгіянальных адметнасцей традыцыйнага касцюма.
Да пачатку ХХ стагоддзя захаваліся адрозненні ў прычосках і галаўных уборах дзяўчын і замужніх жанчын. Дзяўчыны на ўсёй тэрыторыі Беларусі валасы запляталі ў косы. Заплятанне валасоў у косы вядома ўсім усходнеславянскім народам, гэта паказвае, што гэты звычай даволі старажытны. Ва ўсіх усходніх славян косы плялі большай часткай у тры пасмы, уплятаючы на канцы рознакаляровыя стужкі – «каснікі», палоскі яркай тканіны ці шнур. Беларускія дзяўчыны валасы запляталі ў адну касу, як гэта шырока было вядома ў рускіх, або ў дзве, як ва ўкраінак. Нярэдка ў адной і той жа мясцовасці можна было сустрэць і тое і іншае.
Традыцыйныя галаўныя ўборы дзяўчын адрозніваліся ад убораў замужніх жанчын часцей за ўсё спосабам нашэння. Старадаўнія дзявоцкія галаўныя павязкі – «намёткі», «шырынкі», «скіндачкі» вырабляліся звычайна з тонкага кужэльнага палатна дамашняга вырабу.
Сялянскі галаўны ўбор ХІХ – пачатку ХХ ст. намітка ўяўляла сабой даволі доўгі рушнік (2 – 4 і болей метраў даўжыні і 40 – 65 см. шырыні) з добрага адбеленага белага ці светла – шэрага кужэльнага палатнага. У Беларусі існавала трывалая традыцыя дэкарыравання наміткі па краях, у асобных месцах і налобнай часткі вышытымі ці вытканымі бардзюрамі геаметрычнага, ромба-геаметрычнага, зігзагападобнага арнаменту, а таксама ўпрыгожанне аднаго ці двух канцоў махрамі, тасьмой, дробнай мярэжкай, белымі карункамі, дэкаратыўным швом. Для гэтага выкарыстоўвалі баваўняныя ніткі белага, чырвонага і чорнага колераў («горынь», «забалацце»). Вышывалі наборам, крыжыкам, «строчкай» і інш.
Традыцыя сціплага аздаблення наметкі была агульнабеларускай. У ХІХ стагоддзі ў многіх раёнах, як правіла, канцы галаўнога ўбору («беражкі») былі дэкарыраваны вузкім (2 – 4 см) бардзюрам геаметрычнага чырвонага колеру арнаменту, які часам дапаўнялі мярэжка ці мохрыкі.
«Завіванне» наміткі было складанай справай і патрабавала вялікага майстэрства ад жанчыны. Спачатку сялянка рабіла спецыяльную прычоску. Валасы, скручаныя на макаўцы галавы, акуратна ўбіралі пад чапец. На галаву надзявалі абручык – «падвічку» з распластанай лазы ці ясеня шырынёй у далонь і памерам у абхват галавы. Складзеную ў чатыры столкі намітку накладвалі на падвічку так, каб левы канец быў упоравень з локцем. Правым канцом навівалі спачатку пад падбародкам, затым праз сярэдзіну галавы перакладвалі направа, рабілі разварот на лоб. Пасля ён абыходзіў вакол галавы і на правай скроні замацоўваўся спосабам прадзявання знізу ўверх праз пятлю папярэдняга слоя. Левы канец перакладаўся праз макаўку галавы на правы бок, а правы – ізноў ішоў на лоб, абкручваў галаву і падтыкаўся зверху ўніз над левай скронню. Атрымліваўся галаўны ўбор у выглядзе шчыльна прыладжанай да галавы шапачкі з асіметрычна размешчанымі ўпрыгожанымі канцамі. Плат завіваўся на чапец ці «тканку» і больш простым спосабам. Сялянкі пры гэтым стараліся максімальна адкрыць позірку прыгажосць вышыванага аздаблення. Усе гэтыя дзеянні патрабавалі шмат часу, таму з мэтай эканоміі часу сялянкі замацоўвалі завітую намітку вялікімі шпількамі і рабілі яе здымнай. Каб намётка добра трымала форму сялянкі яе моцна крухмалілі, а пад наметку падкладалі цвёрды каркас з лубу ці кардону.
У маладых жанчын шырока быў распаўсюджаны спосаб нашэння наміткі, якую павязвалі вакол галавы і падбародка, а два канцы яе сіметрычна спускаліся на плечы.
Сярод галаўных убораў, якія бытавалі на тэрыторыі Беларусі, паўсямесна быў вядомы чапец. Чапец упершыню надзявалі дзяўчыне пасля вяселля, шот сімвалізавала пераход яе ў разрад жанчын. Крой чапцоў, пашытых з тканіны, даволі аднатыпны на ўсёй беларускай тэрыторыі. Шыюць яго звычайна з суцэльнага кавалка тканіны, у якім недалёка ад краю робіцца прарэз; пры сшыванні вялікая частка чапца збіраецца ў зборку ці дробную зморшчыну, дзякуючы чаму ўтвараецца акругленне для галавы. З чаго б ні выраблялі чапец, ён звычайна зацягваўся вакол галавы з дапамогай тонкай аборкі ці стужачкі, якая ўшывалася ззаду і завязвалася на патыліцы.
У чапцы жанчына хадзіла дома, працавала па гаспадарцы; пры выхадзе на вуліцу, у царкву, на гулянне чапец затулялі намёткай ці хусткай. Толькі чапцы, вырабленыя з паркалю, кумачу, атласа, з’яўляліся часам святочным галаўным уборам. Такія чапцы ўпрыгожвалі нашыўкай шаўковых стужак, цюлю вакол усяго каптура. Вышыўкай упрыгожвалася звычайна толькі пярэдняя лобная частка – «налобнік».
З другой паловы ХІХ стагоддзя замест намётак пачалі выкарыстоўваць хусткі. Хусткі былі рознага колеру і памеру, але часцей яны былі квадратнай формы. Хусткі былі адным з першых прамысловых вырабаў, які паявіўся ў простых сялянак, таму хусткі захоўваліся і перадаваліся ў спадчыну.
Разам з белымі хусткамі насілі яркія каляровыя і цёмныя аднатонныя. Па святах насілі шаўковыя і ваўняныя хусткі, а ў будзённыя дні – папяровыя, паркалёвыя. Найболей старыя спосабы повязвання хустак у нейкай ступені нагадвалі намётку. Адным з такіх спосабаў нашэння хусткі з’яўляецца повязванне яе вакол верхняй часткі галавы канцамі наперад. Хустка затуляла верхнюю частку лба і шчыльна ахопліваў галаву. Такім спосабам часцей завязваліся вялікія хусткі з махрамі. Нярэдка гэтыя хусткі апраналі (асабліва пажылыя жанчыны) паверх тканкі і чапца.
Старадаўнім спосабам з’яўляецца повязванне перагнутай па дыяганалі хусткі вакол верхняй часткі галавы канцамі назад (пры гэтым канцы яе і вузел зачыняліся іншай паловай хусткі, якая вольна падала на патыліцу ў выглядзе трыкутніка), а таксама повязванне хусткі канцамі назад вакол шыі. Насілі падобнай выявай хустку і паверх чапца і без яго. Завязванне хусткі канцамі пад падбародкам – найболей новы спосаб нашэння, які зявіўся ў беларусаў у канцы XIX ст.
Асобнае месцца сярод галаўных убораў займае вясельны вянок. На вяселлі ён іграў асобую ролю, меў сакральны сэнс.
Вянок уяўляў сабой галаўны ўбор вышынёй 10 – 15 см тыпу абруча на цвёрдай аснове з бяросты, кардону, лубу ў выглядзе цыліндра, трапецыі расшырэннем уверх або з узнятай наперадзе часткай накшталт кароны; аснова абцягвалася тканінай розных сартоў. Звонку вянкі ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі, абрэзкамі матэрыі, фарбаваным перем, шклянымі пацеркамі. Ззаду начэпліваліся рознакаляровыя стужкі, палосы рознакаляровай тканіны, якія спадалі хвалепадобным пярэстым суквеццем на спіну.
Даследчык беларускага народнага касцюма М. Раманюк вылучае некалькі асноўных тыпаў вянкоў: вянкі-абручыкі, каркасныя і ў «шапачку». Незалежна ад канструкцыі ўсе яны ўпрыгожваліся кветкамі, перем, што рабіла галаўны ўбор тым элементам у дзявочым касцюме, які фіксаваў позірк на дзявочым твары.
Мужчынскія галаўныя ўборы адрозніваліся меншай разнастайнасцю. Гэта было выклінака тым, што мужчыны больш увагі надзялялі практычнасці, а не упрыгожанням. Асноўным матэрыялам, з якога вырабляліся галаўныя ўборы для мужчын былі тканіна, футра, лямец, салома. Ужо з другой паловы ХІХ стагоддзя ў вёску пачынаюць пранікаць гатовыя галаўныя ўборы, якія вырабляліся на прамысловых прадпрыемствах. Зяўляюцца новыя формы шапак, якія адпавядаюць тагачаснай гарадской модзе. Нягледзячы на гэта доўгі час на вёсцы працягваюць існаваць традыцыйныя галаўныя ўборы, але яны захоўваліся ў карыстанні меншы срок у параўнанні з жаночымі. Гэта было выклікана ў першую чаргу тым, што мужчыны мелі больш трывалую сувязь з горадам і пераймалі больш хутка гарадскую моду.
Асаблівага адрознення паміж святочным і паўсядзённым галаўным уборам у мужчын не было, яно складалася ў асноўным у тым, што паўсядзенны галаўны ўбор упрыгожваўся кветкамі, стужкамі. Адной са старажытных шапак была запазычаная ў венграў лямцавая магерка. У ХІХ стагоддзі яна стала нязменным галаўным уборам сялянства. Яе выраблялі звычайна з першай шэрсці ягнят у выглядзе каўпака, усечанага конуса, цыліндра з увагнутым ці выпуклым верхам і называлі «магерка», «валёнка», «брыль». Магерку лічылі недемнай прыналежнасцю беларуса дзякуючы сваёй надзвычайнай зручнасці, выкарыстоўвалі ў любую пару года. Выраблялі іх, па большай частцы, мясцовыя шапавалы.
Летнім галаўным уборам былі саламяныя капелюшы з рознымі па шырыні палямі. Зімой насілі шапкі з таннага футра, з аўчыны, суконныя з паласой футра па нізу.
У ХІХ стагоддзі атрымаў распаўсюджаванне картуз з фабрычнай тканіны і казырком. Паступова ён выцясніў магерку, брыль, аблавуху. Стаячыя аколышы былі 5 – 8 см вышыні і з цвёрдым казырком рознай формы: паўкруглыя, доўгія, прамыя, нахіленыя. Казыркі былі не толькі лакірованымі, а і абцягваліся скурай ці тканінай, як і ўвесь картуз. Святочныя картузы ўпрыгожвалі над казырком стужкамі, шнуркамі, кветкамі. У пачатку ХХ стагоддзя ўвайшлі ў моду ў сялян чорнага колеру фуражкі («ваенныя»), якія былі ўжо распаўсюджаным мужчынскім галаўным уборам у гэты час.
Фуражкі-картузы хутка распаўсюдзіліся сярод сялян і сталі асноўным уборам у пачатку ХХ ст. Прыгожы каляровы ток, каляны казырок надавалі гаспадару сурёзны выгляд. У другой палавіне ХХ ст. фуражка паступова страціла сваё былое значэнне і засталася ў ваеннай форме. З’явіўся новы галаўны ўбор – «кепка», шытая з сукна ці палатна (у залежнасці ад прызначэння да пары года), які заставаўся шырока пашыраным уборам на працягу ХХ ст.
Галаўны ўбор з’яўляецца адной з састаўных частак святочнага касцюма і арганічнай дапаўняе яго. Жаночыя і мужчынскія галаўныя ўборы складаліся на працягу стагоддзяў і адпавядалі эстытычным, утылітарным запатрабаванням вясковага насельніцтва. Жаночыя галаўныя ўборы больш доўгі час захоўвалі традыцыйныя рысы, а мужчынскія хутчэй успрымалі новыя з’явы, характэрныя для гарадской моды, што было абумоўлена іх практычнасцю.
Беларускі народны абутак. Абутак з’яўляецца неад’емнай часткай касцюма. У ХІХ – пачатку ХХ ст. асноўным матэрыялам, з якога выраблялі абутак, з’яўляўлася лыка. Гэта быў асноўны матэрыял, які быў характэрны для ўсіх усходнеславянскіх народаў. Пачынаючы з другой паловы ХХ ст., у вёску пачынае пранікаць абутак, выраблены на прамысловых прадпрыемствах, але адначасова працягвае існаваць і традыцыйны від абутку. Пакупны абутак захоўваўся доўгія гады, нярэдка перадаваўся ў спадчыну.
Лапці з лыка былі паўсядзённым абуткам і выкарыстоўваліся толькі для працы ў полі і гаспадарцы. Існавалі таксама лапці, якія вырабляліся са скуры. Па спосабу вырабу скураны абутак тыпу лапцей у беларусаў меў дзве разнавіднасці. У адным выпадку лапаць рабілі з прамакутнага кавалка скуры, які спераду сшывалі па цэнтру, што стварала востры насок. Па краях рабілі дзіркі для прадзявання абор, якімі лапці мацаваліся да нагі. Другая разнавіднасць скураных лапцей у беларусаў рабілася з кавалка скуры авальнай формы, скроенага па памеру ступні з прыпускам на барты, насок і заднік. Па краях у такіх лапцях таксама выразалі дзіркі для прадзявання абор. Каб лапці менш прапускалі вільгаць, іх змазвалі дзёгцем або тлушчам.
Як від традыцыйнага мужчынскага і жаночага абутку вясковага насельніцтва, скураныя лапці ў розных рэгіёнах Беларусі, разам з агульнапашыранай назвай «лапці», бытавалі пад тэрмінам «паршні», «пасталы» і інш. Пад уплывам пашырэння ў сялян абутку рамеснай і фабрычнай вытворчасці скураныя лапці пачалі знікаць у першыя дзесяцігоддзі ХХ ст.
Другім тыпам скуранога абутку, які насілі мужчыны і жанчыны, былі боты. Яшчэ ў другой палавіне ХІХ ст. іх часта шылі на прамую калодку, аднолькавыя для правай і левай нагі. У пачатку ХХ ст. жаночыя боты шылі ўжо нярэдка на высокім абцасе, з завужаным наском. Рамеснікі-шаўцы шылі жаночыя боты «з маршчынай», якія вышэй падёма на галянішчы мелі ад пяці да дзевяці маршчын. Такія боты звычайна мелі высокі абцас і крыху завужаны круглы насок. Іх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. заказвалі дзяўчатам да вяселля, і потым яны насілі іх толькі ў святы. Часам халявы такіх ботаў яшчэ ўпрыгожвалі нашыўкамі кавалачкаў скуры іншых колераў, выстрочвалі каляровымі ніткамі і г.д.
Старадаўні скураны жаночы абутак – «чаравікі» ўяўлялі сабою невысокія боты, якія мала чым адрозніваліся ад скураных лапцяў – з аборамі. Для абор з бакоў па задніку чаравіка меліся прышытыя вушкі. Падобныя чаравікі ў канцы XIX ст. сталі выцясняцца «чаравікамі са скрыпам», званымі часцей «паўсапожкамі». Насілі іх толькі модніцы з заможных сем’яў. Паўбоцікі мелі спераду разрэз, які сцягваўся шнуркамі ці тоненькімі папружкамі. Яны не адрозніваліся адмысловай вытанчанасцю, але былі акуратней чаравік. Шылі такія чаравікі з чорнай, а часам чырвонай, параўнальна мяккай скуры. Найлепшымі лічыліся «казловенькія паўсапожкі», пашытыя з казінай скуры. Паўсапожкі сапраўды гэтак жа, як і боты, апраналіся толькі ва ўрачыстых выпадках, і таму нярэдка ўнучка даношвала бабуліны чаравікі. У ботах і чаравіках стаялі ў царкве, прычым апраналі іх толькі перад уваходам у храм. Усю ж дарогу ад хаты да царквы і зваротна ішлі басанож, несучы свой абутак – жанчыны пад мышкай ці ў вузельчыку, а мужчыны – на палачцы на плячах.
У 1920-1930-ых гг. у сялянскай моладзі ў якасці святочнага абутку ўжо былі пашыраны чаравікі розных фасонаў і рознай вышыні – ад ледзьве прыкрываючых шчыкалатку нагі і да паловы галёнкі на завышаным абцасе. Такія чаравікі спераду (значна радзей з унутранага боку) шнуравалі тонкімі раменьчыкамі, каляровымі шнуркамі, зашпільвалі на гузікі, гаплікі. Па швах яны ўпрыгожваліся звычайна мастацкай выстачкай, дарожкамі і ўзорамі прабітых дзірачак.
Галоўным мужчынскім святочным абуткам зяўляліся боты і сапагі. У паўсядзённам жыцці мужчыны аддавалі перавагу лапцям і толькі на святы апраналі пакупныя скураныя боты.
Заможныя сяляне насілі скураныя боты – «боты», «чобаты». Боты шылі з чорнай і жоўтай скуры пераважна «рантовыя» з нізкімі шырокімі абцасамі – «падборамi», якія прыбіваліся трывалымі жалезнымі цвікамі, а часам падковамі. Найболей распаўсюджанымі былі боты-осташы – нязграбныя прасторныя, але трывалыя боты, вырабленыя ў г. Осташкове Цвярской губерні, адкуль яны і атрымалі сваю назву. У такія боты ўзімку накручвалі шмат ануч, а ўлетку вольныя месцы запаўнялі саламянай подсцілкай.
Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. мужчынскія боты нярэдка былі вываротныя і шыліся на прамую калодку, г.зн. без адрознення, на якую – правую ці левую- нагу. Боты апраналі толькі па вялікіх святах і ва ўрачыстых выпадках. Дзякуючы ашчаднасці і багатай змазцы чыстым дзёгцем і салам, боты служылі ўладальніку вельмі доўга, часам нават перадаваліся па спадчыне. Падобныя боты насілі і жанчыны; нярэдка на ўсю сям’ю былі адны боты, якія насілі бацькі і дзеці. Боты з падковамі і доўгімі халявамі зваліся таксама «чобатамі».
Такім чынам, традыцыйнае адзенне беларусаў складвалася на працягу стагоддзяў і мела шмат агульных рыс з адзеннем рускіх і ўкраінцаў. Пры ўсёй падобнасці, адзенне беларусаў вызначалася своеасаблівымі рысамі: наяўнасцю элементаў адзення і назвай састаўных частак, характэрных толькі для Беларусі, колернай гамай, спосабах аздаблення. Увесь строй паказваў эстэтычныя погляды насельніцтва, яго ўяўленні аб прыгажосці і г.д.