Катэгорыя навучэнцаў: навучэнцы 1 – 2 курсаў.
Добры дзень! Мы рады вітаць Вас у этнаграфічным музейным пакоі “Спадчына” ўстановы адукацыі “Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”.
Музейны пакой пачаў дзейнічаць у 2019 годзе.
У музейным пакоі налічваецца больш за 100 экспанатаў. Экспазіцыі, прадстаўленыя ў нашым музеі, адлюстроўваюць характар народнага побыту і народнай культуры 19-га пачатку 20-га стагоддзя.
Пераступіўшы парог музейнага пакоя мы адразу трапляем у хату беларускага селяніна. Самым свяшчэнным месцам у хаце нашых продкаў лічыўся Чырвоны кут, або покуць, – месца ў куце над акном, дзе заўсёды віселі абразы (ікона), абавязкова пакрытыя прыгожымі саматканымі ручнікамі. Стол у хаце таксама заўсёды стаяў на покуці. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое – хлеб, свянцоныя яйкі, свечкі, ставілі святую ваду.
Печ таксама адзін з асноўных атрыбутаў прасторы сялянскага жытла. Белая печ і Чырвоны кут заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках хаты.Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі “печ – чырвоны кут”, замацавалася за жаночай паловай сям’і, а прастора справа ад яе (з рытуальным цэнтрам чырвонага кута) стала лічыцца жыццёвай сферай мужчын. Тут жа яскрава прадстаўлены рэчы хатняга ўжытку: гліняны посуд, дзяжа, куфар, ложак, дзіцячая люлька. А яшчэ ў кожнай беларускай хаце пад столлю віселі саламяныя павукі. Лічылася, што яны забіраюць усё дрэннае, аберагаюць гаспадароў. Вясной павук спальваўся, і кожны год рабіўся новы.
Далей нашай увазе прадстаўлена экспазіцыя – “Прылады сялянскага побыту”.Беларусы здаўна славяцца сваёй працавітасцю. І асноўным заняткам нашых продкаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Кожную вясну селянін-беларус ўрачыста крочыў у поле, сеяў хлеб , вырошчваў лён. Адыходзілі ў нябыт вякі, а хлеб і лён заставаліся вечнымі. Былі як асноўнымі крыніцамі чалавечага існавання, матэрыяльнага дабрабыту, так і сімвалам непарыўнай духоўнай еднасці селяніна і зямлі.Таму тут жа ў экспазіцыі шырока прадстаўлены сялянскія прылады працы. Яны падзяляліся на мужчынскія і жаночыя. І асаблівай сімволікай валодалі прылады жаночай працы. Сярод іх у першую чаргу прадстаўлены прылады для апрацоўкі льну, з якога вырабляліся тканіна і адзенне.
Саматканыя посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў—гэта зашыфраваны аповед пра жыццё народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.
Асобнай экспазіцыяй прадстаўлена саматканыя вырабы і матулін ручнік. Экспазіцыя змяшчае беларускія ручнікі, элементы традыцыйнага беларускага адзення. Асноўнай сыравінай для вырабу адзення былі валокны льну. Адзін з традыцыйных і найбольш пашыраных комплексаў жаночага адзення яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, пояса і наміткі. Абавязковым элементам святочнага касцюма былі пацеркі. Штодзённым абуткам служылі лапці,сплеценыя з лазовай ці ліпавай кары.
Наступная экспазіцыя “Сучасная народная творчасць” адлюстроўвае пераемнасць народных традыцый. Тут прадстаўлены сучасныя ганчарныя вырабы, напрыклад, мастацтва вырабу з гліны.
Прадстаўлены ткацкія вырабы, вырабы з саломы.
Мастацтва народа жыло і развівалася. Стваралася яно народнымі майстрамі – разьбярамі, ганчарамі, ткачыхамі. Народнае мастацтва жыве і сёння.