Тэматычная экскурсія «Хата беларускага селяніна”

Катэгорыя навучэнцаў: навучэнцы 1 – 2 курсаў.

Для беларусаў хата спрадвеку была  ці не самым галоўным матэрыяльна-духоўным аб‘ектам. Стаўленне ў народзе да жытла яскрава выявілася ў прыказках: “Няма нічога мілей за родную хатку”, “Свая хатка як родная матка”, “Свая хата не вораг” і інш. Хата зрабілася асновай народнага светаразумення.

У хаце заўседы існавалі свае, усталяваныя прадзедамі, законы. І законаў гэтых чалавек спрадвеку трымаўся. Адным з такіх законаў быў Чырвоны кут – месца ў куце над акном, дзе  заўседы вісеў абраз (ікона), абавязкова пакрыты  прыгожым саматканым ручніком. Чырвоны кут у нашых продкаў лічыўся самым свяшчэнным месцам у хаце. Уласна кажучы, пачэсны кут (покуць )выконваў ролю невялічкай,   прыбліжанай да чалавека, копіі храма. Кожная рытуальная сітуацыя або святочная падзея, звязаная з асноўнымі этапамі чалавечага жыцця, разгортваліся ў непасрэднай блізкасці да Чырвонага кута.У многіх хатах у Чырвоны кут ставілі хлебную дзяжу як сімвал дастатку і дабрабыту.  У час абраду дажынак першы і апошні снапы змяшчалі на пачэснае месца – у Чырвоны кут. З покуццю звязвалася ў хаце ўсё светлае, добрае. Стол у хаце таксама заўсёды стаяў на покуці, засланы абрусам, на якім ляжалі хлеб і соль.

У беларусаў было вельмі распаўсюджана рытуальнае абыходжанне вакол стала, звычайна тры разы – у абрадзе хрэсьбін, у вясельным абрадзе.

Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое – хлеб, свянцоныя яйкі, свечкі, ставілі святую ваду. Сядзець у Чырвоным куце мог толькі гаспадар сям’і.

Печ – адзін з асноўных рытуальных цэнтраў прасторы сялянскага жытла. Белая печ і Чырвоны кут заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках хаты. Печ выконвала ролю пасярэдніка паміж жывымі і памерлымі продкамі.

У міфалагічным плане печ успрымалася як утаймавальніца прыроднага агню (сына Сонца або Перуна) і адначасова яго захавальніца, што сімвалізавала несупынны працяг жыцця ў хаце. Перад тым як засланіць печ, гаспадыня загортвала ў спецыяльнае заглыбленне некалькі вугалькоў і засыпала іх попелам, каб назаўтра дастаць і распаліць новы агонь. Затуханне вугалькоў прадказвала хуткую смерць каго-небудзь з родных.

Двойчы на год агонь тушылі ў печы спецыяльна: у дзень веснавога раўнадзення, калі яго выносілі на летні перыяд на двор, на адкрытае паветра, і ў дзень восеньскага раўнадзення, калі агонь уносілі ў хату і запальвалі ад грамнічнай свечкі (на Багача).

Печ выконвала функцыю асаблівага абярэга, рытуальнага цэнтра, вакол якога разгортвался шматлікія абрады каляндарнага і сямейнага цыклаў. У Чысты чацвер выграбалі з печы попел і неслі ў куратнік, каб добра несліся куры.  Каля печы выконвалася значная колькасць рытуалаў сямейнай накіраванасці. У час заручынаў дзяўчына сядзела на печы і злазіла з яе толькі тады, калі давала згоду на шлюб. Пераступіўшы парог хаты маладога, маладая кідала на печ чырвоны пояс. Важную ролю печ адыгрывала ў час падрыхтоўкі і выпякання каравая.

Нараджэнне дзіцяці і першы год яго жыцця таксама звязаныя з печчу. Пры першым рытуальным купанні ў ночвы клалі дзевяць вугольчыкаў. На працягу першай паловы года ваду, у якой купалі дзіця, вылівалі ў падпечак. Валасы першага пастрыгу спальвалі на прыпечку. А ўсе малочныя зубы кідалі ў запечак, прыгаворваючы: “Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!”  Важнае месца займла печ і ў пахавальнай абраднасці. Удзельнікі пахавання, перш чым сесці за стол, падыходзілі да печы і аберуч датыкаліся да яе брыля (“грэлі рукі”). На восеньскія Дзяды гаспадар падыходзіў да печы, заглядваў у комін і зваў на вячэру душы памерлых продкаў.

Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі “печ – чырвоны кут”, замацавалася за жаночай паловай сям’і, а прастора справа ад яе (з рытуальным цэнтрам чырвонага кута) стала лічыцца жыццёвай сферай.