Рэчы хатняга ўжытку

Катэгорыя навучэнцаў: навучэнцы 1 – 2 курсаў.

Этнаграфія – гэта апісанне жыцця народа, яго побыту, традыцый, абрадаў.

Калатоўка. Яна продак сучаснага міксера. Ёй карысталіся, напрыклад, калі варылі гарбузовую кашу.  Кавалачкі гарбуза спачатку варылі, а потым калатоўкай разбівалі. А вялікай калатоўкай разбівалі кавалачкі мукі, калі варылі зацірку для свіней.

Драўляную лыжку і сёння можна сустрэць ў нашых хатніх гаспадарках. Такую вялікую лыжку называлі апалонікам. Выраб лыжак быў некалі промыслам. Выраблялі лыжкі лыжачнікі.

Ступа – традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом. Часта таўклі ў два таўкачы. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэссе таўчэння для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце ці ачышчалі пры дапамозе апалушак.

Пранік – плякаты драўляны брусок. Ён з’яўляецца продкам сучаснай пральнай машыны. Мылі бялізну на рэчцы, клалі яе на масткі і адбівалі пранікам, каб бялізна стала чыстай. Ім таксама аббівалі лён і проса.

Качалка. Яна з’яўляецца продкам праса. Качалка – прыстасаванне для разгладжвання тканых вырабаў. Тканіну спачатку накручвалі на качалку (даўжыня 40-60 см, дыяметр 5-6 см), затым раскачвалі пры дапамозе валка. Валок – прамы ці вогнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі.

А пазней ужо з’явіліся вугальные прасы. У нас іх некалькі, і ўсе яны розныя.

Кош (кошык). У сялянскай хаце ён быў халадзільнікам : ў ім захоўвалі прадукты, клалі каўбасу, сала і падвешвалі да столі, каб мышы не з’елі, у ім прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Называўся такі кож сажам.

Лапата, якой садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Драўляныя лапаты рабілі для падгортвання бульбы ў буртах і для перамешвання збожжа на таку.

Вельмі важнай культурай для беларусаў быў лён. Ільняная тканіна ішла на вопратку, з ільна ткалі розныя патрэбныя рэчы. Але каб лён ператварыўся ў гэтыя рэчы, трэба было шмат папрацавацьз ім. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай ільняной сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. У кастрычніку лён мялі, трапалі, часалі. Гэта церніца, або мялка – прылада для (мяцця) ільняной ці канаплянай трасцы. А трапалі лён восьтакім траплом. У нас пакуль няма станка , які называўся кросны ,але ў нас ёсць дэталі гэтага станка- берды, ніты, чаўнок. Чаўнок – ткацкая прылада для пракідання утку ў працэсе ткання.

На кроснах ткалі. Вось гэта посцілка, абрус, ручнік сатканы на кроснах. Сыравінай для ткацтва на Беларусі здаўна служылі лён, воўна, радзей пянька. У лістападзе пачыналі прасці. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Затым пражу рыхтавалі да ткання: бялілі або фарбавалі, снавалі. У працэсе адбельвання маткі пражы вымочвалі ў шчолаку,залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы. Верацяно – прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы гэта была драўляная завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжынёй 20-30см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам.    Калаўрот – самапрадка, прылада для механізаванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы два тыпы – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах). Калаўрот складаецца з кола, педалі і прадзільнага апарата. На Беларусі калаўроты з’явіліся ў 16 стагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. У сялянскім побыце выкарыстоўваліся з сярэдзіны 19 ст.

Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі. Асноўнай сыравінай для фарбавання ў хатніх умовах служылі натуральныя фарбавальнікі: адвары або настоі лісця,кары дрэў, сцяблоў, кветак,каранёў траў. У выніку змешвання розных кампанентаў атрымлівалі патрэбны колер.

У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад (ніты, бёрды, набіліцы і інш.). У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічала 2 – 3 жанчыны. Гэта віток (матавіла), на яго наматвалі ніткі.

У нашым этнаграфічным музеі можна пазнаёміцца і з некаторымі беларускімі промысламі. Адным з самых распаўсюджаных промыслаў было ганчарства. Гліняны посуд выраблялі ганчары. На нашай паліцы вы бачыце збаны, а гэта спарышы. У іх насілі ежу ў поле: адразу можна было занесці дзве стравы. Гэта—збан. Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако. Бакі ў збана выпуклыя, шыйка—звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак.

Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлач без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху. Пасудзіна адна, а называлі яе дзе збаном, дзе гарлачом, а дзе стаўбуном.Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале.

Драўляны посуд, такі, як гэта маслабойка, рабілі бондары. Бондары выраблялі і выдаўблены посуд, напрыклад, ночвы. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі потым убочку), мяса для каўбас і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны,ліпы), колатага папалам. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі. У сваёй рабоце бондары карысталіся інструментам чакухай, або доўбняй.

Вельмі важным чалавекам у вёсцы быў каваль. Ён у кузні рабіў сярпы, косы, іншыя прылады працы, падкоўваў коней падковамі. У кузні было многа розных інструментаў. Напрыклад, такі дрыль для свідравання дзірак у тонкіх загатоўках і драўляных вырабах. А гэта кола зроблена з цэльнага кавалка дрэва. Каб зрабіць яго, трэба было ведаць шмат сакрэтаў. Рабіў павозкі з такімі коламі стэльмах. А каб запрэгчы каня ў павозку, патрэбна была збруя: хамут, сядзёлка, уздзечка. Збрую рабілі рымары.